МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ.
гірамагнітныя з’явы, з’явы, абумоўленыя ўзаемасувяззю магнітнага моманту мікрачасціц з іх момантам імпульсу (спінавым або арбітальным).
Спіну электрона, пратона і інш. часціц адпавядае пэўны магн. момант. Мех. момант атама (іона) складваецца з спінавага і арбітальнага момантаў мікрачасціц, што ўтвараюць атам (іон). Змена макраскапічнага моманту імпульсу сістэмы мікрачасціц (фіз. цела) вядзе да змены магн. моманту гэтай сістэмы, і наадварот, пры змене магн. моманту зменьваецца момант імпульсу сістэмы. Адна з М.з. — Барнета эфект, адкрыты ў 1909 амер. фізікам С.Барнетам. Заключаецца ва ўзнікненні дадатковага магн. моманту ў ферамагнетыка, прыведзенага ў вярчэнне (намагнічванне стрыжня пры хуткім вярчэнні без знешняга магн. поля). Адваротны эфект — Эйнштэйна — дэ Хааза эфект (адкрыты ў 1915). М.з. дазваляюць вызначыць магнітамеханічныя адносіны.
П.А.Пупкевіч.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)